Чэрвеньская цэнтральная раённая бальніца сёлета зноў падтрымала традыцыю – ушаноўваць сваіх маладых спецыялістаў на Дні пасвячэння ў прафесію.
     Ініцыятарамі мерапрыемства выступіла адміністрацыя ўстановы аховы здароўя сумесна з пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй.
Праграма святочнага дня брала пачатак на адкрытым паветры: “навабранцы”, сярод якіх былі ўрачы і сярэдні медыцынскі персанал, пазнаёміліся з горадам і яго гісторыяй. Экскурсію па вуліцах райцэнтра для маладых медыкаў правяла старшы навуковы супрацоўнік раённага музея Ірына Вабiшчэвiч.
    Гарадская прагулка доўжылася не болей за гадзіну, выдалася хоць і кароткай, але змястоўнай. Экскурсія распачалася ля помніка легендарнай заснавальніцы горада - грэчаскай хрысціянскай манахіні і ігуменні (аўтарства скульптуры належыць Генадзю Матусевічу), а завяршылася ля музейных экспазіцый, якія часова змяшчаюцца ў былым будынку дыспетчарскай ЖКГ па вуліцы Ленінскай.
Улічваючы прафесійную прыналежнасць слухачоў, аповяд Ірыны Вабішчэвіч не мог не закрануць біяграфіі ўрачоў, чые імёны ўвайшлі ў гісторыю як горада, так і навукі. Нават будынак музея на плошчы Свабоды, у якім раней месцілася павятовая ўправа, напачатку мінулага стагоддзя належыў доктару па прозвішчы Кудзін.
Асаблівая ўвага падчас лаканічнага экскурсійнага аповяду надавалася ваенным старонкам гісторыі горада. Называліся імёны Макса Самуілавіча Чартова - у даваенныя гады стаяў на чале бальніцы, расстраляны разам з сям’ёй і іншымі вязнямі гета напачатку акупацыі; Аляксандра Пукалава – аднаго з арганізатараў падпольнай групы сярод медработнікаў, якой фашысты вынеслі смяротны прысуд пасля выкрыцця. Доктарскае імя прысутнічае і ў гарадской тапаніміцы: у гонар доктара медыцынскіх навук, прафесара Давіда Голуба названа адна з вуліц Чэрвеня.
   Пасля азнаямляльнай прагулкі маладыя спецыялісты сабраліся за святочным сталом. Урачыстая частка праграмы распачалася з прывітальнага слова галоўнага ўрача бальніцы Андрэя Прахарэнкi. Ён пажадаў маладым спецыялістам лёгкай адаптацыі да працы, узаемапаразумення з калегамі, пацыентамі і іх блізкімі, любові да прафесіі.
   Старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольгу Коцiну прыемна здзівіў фармат і атмасфера сустрэчы новых кадраў. Яна павіншавала дактароў, якія напоўнілі калектыў новымі сіламі і энергіяй, з уступленнем у прафесію.
- Праца медыцынскага работніка вялікая, адказная, і калі вам будзе цяжка ў вашай дзейнасці і не толькі, калі вам спатрэбіцца дапамога ва ўзаемадзеянні з наймальнікам, органамі ўлады і ў іншых абставінах, вы заўсёды можаце звярнуцца да прафсаюза. Разам мы можам дасягнуць многага, - зазначыла яна.
    Прафсаюзную арганізацыю бальніцы Вольга Коціна назвала адной з самых прагрэсіўных у раёне: прафсаюз не баіцца новаўвядзенняў і апрабацыі новых палажэнняў калектыўнага дагавору. Некаторыя з іх пасля знайшлі ўвасабленне ў Генеральным пагадненні між Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў.
     На дадатковых гарантыях работнікам спыніўся ў сваім выступленні і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Уладзімір Рандзiцкi. Згодна з калектыўным дагаворам, маладым спецыялістам у бальніцы ўстанаўліваецца надбаўка да тарыфнага акладу ў памеры 50% службовага акладу, павышэнне тарыфнай стаўкі да 50% і 2 каляндарныя дні дадатковага заахвочвальнага адпачынку. Прэміруюць іх не ніжэй сярэдняга памеру прэміі, які склаўся ў падраздзяленні за справаздачны перыяд.
     Дакументам прадугледжана і матэрыяльнае стымуляванне ўдзельнікаў і прызёраў конкурсаў мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтваў незалежна ад узроўню - раённага, абласнога ці рэспубліканскага.
     У бягучым годзе маладыя спецыялісты ўжо праявілі сябе ў творчасці. Урач-тэрапеўт паліклінікі Ірына Гапеева і фельчар-лабарант                Раваніцкай участковай бальніцы Уладзіслаў Канапелька (удзельнiк сумеснага прафсаюзнага праекту “Актыўнасць-наша перспектыва”) сталі лаўрэатамі абласнога агляду-конкурсу сярод індывідуальных выканаўцаў, калектываў мастацкай самадзейнасці ўстаноў і арганізацый аховы здароўя. Яны годна заявілі пра сябе ў намінацыях «За шматграннасць прадстаўленых жанраў» і «Аўтарскае выкананне пад уласны акампанемент».
     У Ірыны Гапеевай на працоўным шляху не адна прафесія: медыцынская сястра, фельчар, тэрапеўт. І на кожным этапе, па яе словах, быў свой настаўнік - чалавек, які ў цяжкія часы падстаўляў плячо.
- Прафесіяналам самастойна не станеш, - згаджаецца загадчык хірургічнага аддзялення бальніцы Аляксандр Доўгач.
    Сёння ён практыкуючы хірург са стажам, удзельнік абласных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцый: выконвае шырокі спектр аперацый, у тым ліку ў дзіцячай хірургіі, уводзіць у практыку сучасныя метады абследавання, у прафесіі – больш за 30 гадоў.
Аляксандр Доўгач згадаў час, калі сам быў маладым спецыялістам: “Я глядзеў на масцітых хірургаў і крыху зайздросціў ім: як многа яны ведаюць і ўмеюць, іх прозвішчы гучаць у медыцынскай супольнасці”.
     Мінуў час – і ён сам стаў масцітым хірургам, да парад якога прыслухоўваюцца калегі.
Запрошаная на ўрачыстасць ветэран працы, урач-педыятр Жанна Мышкавец таксама стала настаўнікам для не аднаго пакалення медыкаў. Звяртаючыся да маладых спецыялістаў, яна зазначыла:
– Першы год працы, калі засвойваюцца азы прафесіі, - самы складаны. Ад вас патрабуецца многае, таму ў цяжкую хвіліну не бойцеся звярнуцца да старэйшых калег.
     Рытуал пасвячэння ў прафесію ўключаў клятву маладога спецыяліста: моладзь урачыста абяцала памятаць і прымяняць на практыцы веды, не баяцца падаваць новыя ідэі, не збочваць з абранага і несумненна правільнага шляху.
Канцэртная праграма, якую падрыхтавалі для маладых спецыялістаў пры падтрымцы Яўгена Грамадскага і Наталлі Бандаровіч, уключала інструментальныя і песенныя нумары.
    А ў завяршэнне свята новапрыбыўшым медыкам уручылі памятныя падарункі.

(Па матэрыялах газеты “Раённы веснік”)