Калі летась у Чэрвеньскую ЦРБ прыбыло 16 маладых спецыялістаў, дык сёлета амаль у два разы больш – 28, што для невялікага гарадка сталася сапраўднай падзеяй. Гэта ўрачы, інтэрны і сярэдні медыцынскі персанал.
Калі ёсць зацікаўленасць:
Яшчэ пару год таму ў мясцовай паліклініцы не хапала вузкіх спецыялістаў. Усё пачало мяняцца з прыходам на пасаду галоўнага ўрача, маладога і энергічнага Андрэя Прахарэнкі. Найперш ён пачаў вырашаць кадравае пытанне. І зрабіць у гэтым кірунку атрымалася шмат.
– Каб запрасіць выпускнікоў на працу да нас, езджу на размеркаванні ў ВНУ, у медкаледжы. Зараз укамплектаваны пасады ўрачоў-тэрапеўтаў, урачоў агульнай практыкі, неўролага, афтальмолага, – расказвае Андрэй Уладзіміравіч. – Па вузкіх спецыялістах, як і па ўчастковых урачах, у паліклініцы Чэрвеньскай ЦРБ -- поўны камплект. Яшчэ патрэбны нам педыятры, а на сяле на змену спецыялістам пенсійнага ўзросту – тэрапеўты, урачы агульнай практыкі.
Больш за ўсё захопленых размоў можна пачуць пра ўрачоў-афтальмолагаў. Іх у паліклініку прыбыло на замену якраз-такі спецыяліста шаноўнага пенсійнага ўзросту адразу два. Цяпер прыём праходзіць у дзве змены – з васьмі гадзін раніцы да васьмі вечара, што істотна павышае шанцы людзей трапіць да афтальмолага пасля работы. Праўда, і чэргі вялікія: яшчэ да пачатку прыёму гэтых маладых спецыялістаў пабачыла пад іх дзвярыма кабінета не меней за дзесяць чалавек.
– А якія льготы і бонусы маюць маладыя спецыялісты? Як можна іх утрымаць у нашым горадзе і раёне? – цікаўлюся ў галоўнага ўрача. – Да гэтага многія пасля абавязковай адпрацоўкі з’язджалі адсюль.
-- Для замацавання кадраў неабходныя тры рэчы: годная зарплата, добрыя ўмовы працы і вырашэнне жыллёвага пытання, -- разважае Андрэй Прахарэнка. – Нашым калектыўным дагаворам прадугледжаны максімальныя даплаты маладым спецыялістам: як па кантракту, так і за складанасць і напружанасць працы. Тым, хто штодня прыязджае з дому з іншых раёнаў, мы штомесяц кампенсуем праезд. Сума – да пяці базавых велічынь, усе ўкладваюцца. Пры найме жылля выдзяляецца адна базавая велічыня ў месяц. Стараемся паляпшаць і ўмовы працы. Летась зрабілі рамонт другога паверху паліклінікі гаспадарчым спосабам, сёлета – першага. Камунікацыі былі дужа састарэлымі! У кабінетах паставілі новую мэблю, працоўныя месцы камп’ютарызавалі. Паколькі ў Чэрвені будуюцца шматпавярховыя дамы, спадзяёмся на выдзяленне арэнднага жылля для калег – сямейных і не. Пакуль пераважная большасць жыве ў інтэрнаце, які знаходзіцца на балансе Чэрвеньскага камунгаса.
Кацярына Вяргейчык: “45 чалавек за змену”
“Ой, знаёмае аблічча... Вы не з нашай вёскі Грабёнка?!” – такія пытанні малады ўрач-афтальмолаг Кацярына Вяргейчык чуе даволі часта. Атрымаўшы станоўчы адказ, многія дарослыя радуюцца, як дзеці: а доктар-та – свой!
– Максімальная колькасць, якую прымала ўжо, -- 45 чалавек.
Пакуль Кацярына працуе толькі ў першую змену: трэба забіраць з садка дачку Ксюшу. Жывуць яны сям’ёй у асобным пакоі згаданага інтэрната па вуліцы Мінскай. Зручнасці тут на сваім паверсе, а душ – на першым, для ўсіх.
– Нармальныя ўмовы, -- аптымістычна сцвярджае Кацярына. -- Падчас вучобы я сем год жыла ў Мінску дакладна ў такім жа інтэрнаце, толькі ў пакоі было чатыры чалавекі. А тут нават мэбля ўся новая!
Калектывам яна задаволена, як і ўмовамі працы. А што тычыцца жылля -- пададзены дакументы ў райвыканкам, дзе вырашаецца пытанне аб выдзяленні арэнднага, у новым доме. А як не атрымаецца, дык Кацярына ўсё роўна мяркуе станавіцца на чаргу менавіта ў Чэрвені.
Сяргей і Дзіяна Іванюкі: “Мабыць, застанёмся”
Маладая сямейная пара Іванюкоў прыехала ў Чэрвень з Гомельшчыны па запрашэнні галоўнага ўрача. Муж працуе хірургам, жонка праходзіць інтэрнатуру як урач агульнай практыкі. Абое зараз на прыёме ў паліклініцы -- замяняюць калег. Дзіяна задаволена: для інтэрна – цудоўная практыка! Нямногія яе знаёмыя маюць у інтэрнатуры такую нават у Гомелі!
Сяргей таксама не шкадуе, што выбраў правінцыю: шмат чаму можна навучыцца ў вопытных калег. Ды і практыкуе пастаянна, асабліва ў галіне траўматалогіі: хапае на Чэрвеньшчыне пацыентаў з траўмамі ад бензапіл, касілак ды іншага.
Сям’я здымае кватэру. Кажуць, што для Чэрвеня ўмовы нядрэнныя, а што гарадок маленькі і спакойны, дык гэта плюс. Сяргей і Дзіяна пабылі ўжо ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Ігумен”, дзе пагулялі ў настольны тэніс і більярд. Цяпер у чаканні, калі запрацуе басейн.
-- А што можа затрымаць вас у нашым гарадку пасля адпрацоўкі? -- цікаўлюся ў гэтай усмешлівай пары.
-- Калі дзеці з’явяцца. І вырашыцца пытанне з жыллём, -- адказвае Сяргей.
Дзіяна дадае:
-- З дзецьмі не хочацца жыць у здымнай кватэры, адкуль могуць у любы момант папрасіць. Хочацца выстраіць усё пад сябе...
Яна Кукаценка: “Могуць падняць і ноччу”
Урач-неўролаг Яна Кукаценка ў раённай бальніцы працуе ўжо другі год. Прыехала да нас з Украіны.
– Мне заўсёды падабалася Беларусь, -- тлумачыць малады спецыяліст. -- Даўно задумвалася аб пераездзе. Прапанавалі работу ў Чэрвені, патрэбны быў неўролаг. Вельмі ўдзячна калектыву -- ёсць да каго звярнуцца па параду. І асабіста вопытнаму ўрачу-неўролагу Вользе Сітчыхінай, якая была маім куратарам.
Яна таксама жыве ў інтэрнаце і асабліва не зважае на пэўныя бытавыя нязручнасці:
– Дзень з 8.00 да 18.30 праводжу на рабоце. Ёсць яшчэ дзяжурствы на даму, калі мяне могуць падняць і ноччу. Адчуваю сваю запатрабаванасць!..
І нават тое, што ад інтэрната да бальніцы трэба ісці 25 хвілін, урач-неўролаг ставіць у плюс: за гэты час прыводзяцца ў парадак думкі і з’яўляецца адпаведны настрой на працу.
Што тычыцца вольнага часу, дык Яна Кукаценка не бачыць праблемы ў яго баўленні: да Мінска 40 хвілін язды, маршрутак многа. Але калі б у Чэрвені з’явілася месца для моладзі, бюджэтнае кафэ ў цэнтры горада, было б добра. А ў Беларусі дзяўчына памяняла б... клімат: ніяк пасля сваёй сонечнай Палтаўшчыны не можа прывыкнуць да холаду і дажджоў.
Па матэрыялах газеты “Мінская праўда”
Фота аўтара